ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая вывучае псіхічныя адрозненні паміж індывідамі і групамі людзей. Даследуе інтэлектуальныя асаблівасці людзей у залежнасці ад узросту, полу, сац., прафес., этн. прыналежнасці, спецыфіку іх інтарэсаў, маральных установак, эмацыянальных рэакцый. Складвалася пад уплывам пед., мед. і інжынернай практыкі, яе ўзнікненню садзейнічала ўвядзенне ў псіхалогію эксперыменту, матэм. і генет. метадаў даследавання. Тэрмін увёў ням. псіхолаг В.Штэрн у працы «Аб псіхалогіі індывідуальных адрозненняў» (1900). Заснавальнік Д.п. — англ. псіхолаг Ф.Гальтан, найб. вядомыя прадстаўнікі: А.Бінэ (Францыя), Дж.Кетэл (ЗША), А.Ф.Лазурскі (Расія) і інш. Прыхільнікі Д.п. лічаць, што акрамя ўздзеяння нейрафізіял. і спадчынных фактараў на індывід.-псіхал. адрозненні асобы ўплываюць сац. і культ. ўмовы развіцця індывіда, асаблівасці выхавання, лад жыцця, ментальнасць і інш. Даследаванні ў галіне Д.п. садзейнічаюць удасканаленню практыкі навучання і выхавання, прафес. адбору персаналу, дыягностыцы здольнасцей індывіда і інш.

Літ.:

Асмолов А.Г. Психология личности. М., 1990;

Видинеев Н.В. Природа интеллектуальных способностей человека. М., 1989;

Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993.

Э.С.Дубянецкі.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)